Парадак правядзення адкрытага публічнага конкурсу распрацоўшчыкаў дадаткаў для мабільных устройстваў з аперацыйнай сістэмай Android – velcom Android Belarus

01 жніўня 2010

velcom Android Belarus – адкрыты конкурс сярод распрацоўшчыкаў дадаткаў для мабільных устройстваў з аперацыйнай сістэмай Android (далей па тэксце Конкурс). Мэтай Конкурсу з'яўляецца стымуляванне распрацоўкі бясплатных мабільных дадаткаў, актуальных для Рэспублікі Беларусь, а таксама інфармаванне грамадскасці аб даступнасці перадавых паслуг сувязі і павышэння якасці абслугоўвання.

Арганізатор Конкурсу – Замежнае прыватнае унітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «Вэлком» (ЗП «Вэлком»).

Указаны ніжэй парадак Конкурсу абавязковы для ўсіх удзельнікаў з моманту прыняцця імі ўмоў на сайце http://android.velcom.by і з'яўляецца неад'емнай часткай дагавора аб удзеле ў Конкурсе распрацоўшчыкаў дадаткаў для мабільных устройстваў з аперацыйнай сістэмай Android паміж удзельнікамі і ЗП «Вэлком».

Удзельнікі Конкурсу
Конкурс адкрыты для распрацоўшчыкаў – фізічных асоб (індывідуальных распрацоўшчыкаў і каманд распрацоўшчыкаў). Усе распрацоўшчыкі павінны быць паўналетнімі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

Да ўдзелу ў Конкурсе не дапускаюцца супрацоўнікі ЗП «Вэлком», а таксама іх блізкія сваякі і муж/жонка.

Тэрміны правядзення
Конкурс праводзіцца з 1 жніўня 2010 года па 10 снежня 2010 года.   

Прызы для пераможцаў Конкурсу

• першае месца – грашовы прыз у памеры 21 000 000 (дваццаць адзін мільён) беларускіх рублёў з улікам падаткаў;
• другое месца – грашовы прыз у памеры 15 000 000 (пятнаццаць мільёнаў) беларускіх рублёў з улікам падаткаў;
• трэцяе месца – грашовы прыз у памеры 9 000 000 (дзевяць мільёнаў) беларускіх рублёў з улікам падаткаў;
• чацвёртае месца (за 5 розных дадаткаў) – 3 мабільныя тэлефоны HTC Hero коштам 2 299 000 (два мільёны дзвесце дзевяноста дзевяць тысяч) беларускіх рублёў кожны і 2 мабільныя тэлефоны Sony Ericsson Xperia X10 mini коштам 1 399 000 (адзін мільён трыста дзевяноста дзевяць тысяч) беларускіх рублёў кожны.

Кожны дадатак можа быць адзначаны толькі адным прызам, незалежна ад колькасці яго распрацоўшчыкаў.

Парадак правядзення Конкурсу

1. Для ўдзелу ў Конкурсе распрацоўшчык павінен зарэгістравацца на сайце http://android.velcom.by (указаўшы свае сапраўдныя імя, прозвішча, нумар тэлефона),  пачынаючы з 01.08.2010 і не пазней 23:59 (па мінскім часе) 31.08.2010 года.
2. Распрацоўшчык павінен прадаставіць працуючы дадатак/дадаткі ў ЗП «Вэлком» і на Android Market не пазней 23:59 (па мінскім часе) 31.10.2010 года наступнымі спосабамі ва ўказаным парадку:
• у ЗП «Вэлком» праз спецыяльную форму на сайце http://android.velcom.by у выглядзе заархіваванага APK-файла (ZIP-фармат); таксама неабходныя 2-4 скрыншоты, ілюструючыя работу дадатку (удзельнік павінен загрузіць дадатак/скрыншоты пад тым імем, пад якім ён зарэгістраваўся раней);
• на Android Market для праверкі і далейшага размяшчэння для бясплатнай загрузкі (магчыма толькі пасля абавязковай рэгістрацыі на Android Market у якасці распрацоўшчыка).
3. Пасля размяшчэння дадатку на Android Market для бясплатнай загрузкі, распрацоўшчык павінен прадаставіць Арганізатару спасылку на ўласную web-старонку, дзе будзе апублікавана інфармацыя пра дадатак і сам дадатак.
4. Да ацэнкі прымаюцца толькі новыя дадаткі, раней не апублікаваныя на Android Market, даступныя для бясплатнай загрузкі.
5. Гатовы дадатак павінен карэктна працаваць на ўсіх мабільных устройствах з аперацыйнай сістэмай Android версіі ад 1.5 і вышэй. 
6. Гатовы дадатак павінен быць на рускай або беларускай мовах або шматмоўны з абавязковай наяўнасцю опцыі пераключэння на ўказаныя мовы.
7. Адзін індывідуальны распрацоўшчык або каманда распрацоўшчыкаў могуць прадставіць на Конкурс некалькі дадаткаў.
8. Удзельнікі Конкурсу павінны азнаёміцца з усімі ўмовамі Android Market Content Policy for Developers («Правілы распрацоўкі дадаткаў для Android Market»), уключаючы Android Market Developer Distribution Agreement («Пагадненне аб распаўсюджванні дадатку на Android Market) і няўхільна кіравацца гэтымі ўмовамі і правіламі, якія даступны па наступнай спасылцы: http://www.android.com/market/terms/developer-content-policy.html
9. Невыкананне адной з вышэйназваных умоў цягне за сабой немагчымасць удзелу ў Конкурсе.

Парадак вызначэння пераможцаў

1. Пераможцы Конкурсу будуць вызначаны спецыяльным журы. Журы конкурсу пакідае за сабой права ацэньваць удзельнікаў па сваім меркаванні.
2. У ходзе ацэнкі прадстаўленых на Конкурс дадаткаў журы будзе ўлічваць таксама наступныя крытэрыі:
• прымянімасць на мясцовым рынку (актуальнасць для карыстальнікаў у Рэспубліцы Беларусь) – ад 0 да 5 балаў, 30%;
• інтэрфэйс (агульная прывабнасць, зручнасць выкарыстання) – ад 0 да 5 балаў, 30%;
• інавацыйнасць і арыгінальнасць – ад 0 да 5 балаў, 20%;
• выкарыстанне ў дадатку такіх тэхналагічных асаблівасцяў, як: сэнсарны дысплэй, камера, GPS-прыёмнік, датчык гравітацыі, лічбавы компас і інш. – ад 0 да 5 балаў, 10%;
• наяўнасць брэнда velcom – 0 або 5 балаў, 5%;
• грамадская карыснасць – 0 або 5 балаў, 5%.
3. Удзельнікі або любы іншы бок не могуць умешвацца ў работу журы і пераглядаць прынятае журы рашэнне. Рашэнне журы з'яўляецца канчатковым і не падлягае змяненню.
4. Пераможцы Конкурсу будуць абвешчаны Арганізатарам з дапамогай e-mail не пазней за 20.11.2010.

Парадак выдачы прызоў

1. Для афармлення прыза пераможцам неабходна з'явіцца да 25.11.2010 года (уключна) у цэнтр продажу і абслугоўвання ЗП «Вэлком» (г. Мінск, пр-т Машэрава, 19) у рабочыя дні з 10.00 да 18.00 гадзін і прадаставіць пасведчанне асобы (пашпарт), а таксама інфармацыю аб разліковым рахунку для пералічэння грашовага прыза (у выпадку атрымання мабільнага тэлефона дадзеная інфармацыя не патрабуецца). Пры адсутнасці разліковага рахунку пераможцы абавязваюцца адкрыць рахунак у беларускім банку (на свой выбар). Прыз таксама можа аформіць прадстаўнік пераможцы па даверанасці, заверанай натарыяльна.
2. Арганізатар не аплачвае пераможцам выдаткі, звязаныя з праездам да месца афармлення прызоў.
3. Уручэнне (пералічэнне) прызоў праводзіцца не пазней 10.12.2010 года пры дапамозе пераводу грашовых сродкаў на банкаўскія рахункі фізічных асоб, якія сталі пераможцамі Конкурсу. У выпадку перамогі каманды распрацоўшчыкаў грашовыя сродкі пераводзяцца на банкаўскі рахунак аднаго з указаных камандай распрацоўшчыкаў.
4. Пераможцы (уладальнікі грашовых прызоў) нясуць адказнасць за выплату належных падаткаў і збораў за выйграны прыз у адпаведнасці з існуючым заканадаўствам.
5. Грашовыя прызы па пошце не высылаюцца і ў наяўнай форме не выплачваюцца.
6. Пераможцы павінны запоўніць усе неабходныя дакументы, прадастаўленыя Арганізатарам і звязаныя з атрыманнем прызоў.
7. Удзельнічаючы ў Конкурсе, пераможцы згаджаюцца з тым, што любыя іх дадзеныя, у тым ліку імёны, прозвішчы, фотаздымкі і відэавыявы, могуць быць выкарыстаны Арганізатарам у рэкламных мэтах без іх папярэдняй згоды і без якіх-небудзь грашовых выплат.
8. Парадак Конкурсу, склад і памер прызоў  публікуюцца на афіцыйным сайце Арганізатара – www.velcom.by.
9. У выпадку непрадастаўлення Арганізатару дадзеных для афармлення прыза ва ўстаноўленыя тэрміны і/або адмовы пераможцаў ад атрымання прыза прыз застаецца ва ўласнасці Арганізатара Конкурсу.

Правы і абавязкі бакоў

1. ЗП «Вэлком» мае права адхіліць любога з распрацоўшчыкаў ад удзелу ў Конкурсе, калі:
• зарэгістраваная ідэя/дадатак парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь;
• зарэгістраваная ідэя/дадатак якім-небудзь чынам парушае правілы раўнапраўнага спаборніцтва ў рамках Конкурсу або ў любой форме парушае права інтэлектуальнай уласнасці;
• змест дадатку не адпавядае этычным і маральным нормам і/або парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь;
• дадатак назапашвае дадзеныя аб абанентах з мэтай незаконнага выкарыстання.
2. Прымаючы ўдзел у дадзеным Конкурсе, удзельнік гарантуе, што мае інтэлектуальныя правы на дадатак/дадаткі, прадстаўленыя ім на Конкурс. Удзельнік гарантуе, што прадстўлены ім дадатак ніяк не парушае правы трэціх асоб, у прыватнасці права інтэлектуальнай уласнасці. Удзельнік прызнае і гарантуе, што ніякі трэці бок не можа мець прэтэнзій да ЗП «Вэлком» у сувязі з выкарыстаннем гэтага дадатку ў Конкурсе, арганізаваным ЗП «Вэлком». У выпадку ўзнікнення такіх прэтэнзій, у асаблівасці якія датычацца парушэння правоў інтэлектуальнай уласнасці, удзельнік гарантуе пакрыццё ЗП «Вэлком» урону, звязанага з гэтымі прэтэнзіямі.
3. Распрацоўшчык захоўвае за сабой немаёмаснае права аўтара дадатку/дадаткаў, якія ён перадае ЗП «Вэлком» для ўдзелу ў Конкурсе.
4. Пераможцы Конкурсу згаджаюцца з тым, што ЗП «Вэлком» атрымлівае права ўстанаўліваць дадатак/дадаткі, якія ўдзельнічаюць у Конкурсе, на тэлефоны, якія распаўсюджвае ЗП «Вэлком», выкарыстоўваць дадатак/дадаткі па сваім меркаванні ў любы час, у любым месцы, не здзяйсняючы пры гэтым ніякіх плацяжоў распрацоўшчыку. Выкарыстанне дадатку ўключае ў сябе (але не абмяжоўваецца пералічаным): размнажэнне дадатку, распаўсюджванне дадатку, перадачу яго трэцім асобам для некамерцыйнага выкарыстання.
5. Прымаючы ўдзел у Конкурсе і перадаючы гатовы дадатак/дадаткі ў ЗП «Вэлком», удзельнік гарантуе, што ў выпадку перамогі/узнагароджання аформіць дазвол для ЗП «Вэлком» на выкарыстанне свайго дадатку/дадаткаў у мэтах, пералічаных у папярэднім пункце, у пісьмовай форме.
6. ЗП «Вэлком» не мае права пераналаджваць дадатак/дадаткі і ўносіць змяненні ў код дадатку/дадаткаў без папярэдняй пісьмовай згоды распрацоўшчыка/распрацоўшчыкаў.
7. Прымаючы ўдзел у Конкурсе і перадаючы гатовы дадатак/дадаткі ў ЗП «Вэлком», удзельнік адмаўляецца ад свайго права выкарыстання ў камерцыйных мэтах (продаж, здача ўнаймы або любое іншае камерцыйнае выкарыстанне) той версіі дадатку/дадаткаў, якую ён адправіў у ЗП «Вэлком» і на Android Market для ўдзелу ў Конкурсе.
8. Удзельнік мае права пасля падачы дадатку на Конкурс уносіць у яго змяненні, а таксама выкарыстоўваць наступныя версіі дадаткаў у камерцыйных мэтах. У гэтым выпадку ўдзельнік не мае права патрабаваць у ЗП «Вэлком» выплат па выніках выкарыстання ЗП «Вэлком» той версіі дадатку, якая была накіравана ЗП «Вэлком» для ўдзелу ў Конкурсе.
9. Удзельнік нясе адказнасць за змест дадатку/дадаткаў, перададзеных у ЗП «Вэлком» для ўдзелу ў Конкурсе. ЗП «Вэлком» не нясе адказнасць за змест дадатку/дадаткаў, якія прымаюць удзел у Конкурсе.
10. ЗП «Вэлком» захоўвае за сабой права ўносіць змяненні ў дадзены Парадак на працягу ўсяго Конкурсу.

Звязацца з намi:
411
без аплаты
ў сетцы velcom